Контроль за малышами и организованный отдых: травматологи советуют, как обезопасить детей в летний период

Адпачынак без памылак

Улетку прынята купацца, загараць i адпачываць на прыродзе. Аднак калi не выконваць банальныя правiлы бяспекi, пляж i пiкнiкi з лёгкасцю можна прамяняць на бальнiчны ложак, гiпсавыя «ўпрыгажэннi» i зацяжное аднаўленне. Аб рызыках летняга сезона расказалi прадстаўнiкi РНПЦ траўматалогii i артапедыi.


Траўматызм з’яўляецца адной з галоўных прычын дзіцячай смяротнасці. Пры гэтым у месцах, дзе адпачынак арганізаваны (лагеры, санаторыі і т.п.), паказчыкі траўматызму не растуць.

— Большасць выпадкаў, з якімі мы сутыкаемся ў летні перыяд, адбываецца там, дзе дзеці знаходзяцца без належнага кантролю з боку дарослых, — адзначае галоўны пазаштатны дзіцячы артапед-траўматолаг Міністэрства аховы здароўя, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі наступстваў пашкоджанняў і захворванняў пазваночніка і спіннога мозгу ДУ «РНПЦ траўматалогіі і артапедыі» Дзмітрый Цесакоў. — У лагерах нала­джаны графік знаходжання, дзеці заўсёды чымсьці заняты. Калі ж дзіця або падлетак дома і прадастаўлены самі сабе, узнікаюць пэўныя клопаты.

Паводле слоў спецыяліста, у сярэднім за год паступае каля 150 тысяч пацыентаў. 20 працэнтаў з гэтага ліку — траўмаваныя дзеці і падлеткі. Каля 60–80 дзяцей становяцца інвалідамі.

За апошні час у РНПЦ прааперыравалі прыблізна дзесяць дзяцей і падлеткаў з траўмамі пазваночніка.

— Гэта альбо купальшчыкі-нырцы, альбо тыя, хто выпаў з акна, сарваўся з дрэва, — тлумачыць Дзмітрый Цесакоў. — Цяпер сезон чарэшні. Замест таго каб паставіць лесвіцу, некаторыя лезуць на сук. Драўніна чарэшні, у адрозненне ад вішні, крохкая. Нават нягледзячы на малую вагу дзяцей, абапіраючыся на галінкі, яны зрываюцца. Таксама можна вылучыць купанне ў непад­рыхтаваных, не прызначаных для гэтага месцах. У сярэднім кожны дзень у краіне хтосьці з дзяцей нырае, удараючыся галавой аб дно.

У якасці прыкладу траўматолаг пры­водзіць нядаўні выпадак. Літаральна два тыдні таму прывозілі 16-гадовага хлопца, які вырашыў нырнуць на вадаёме. У выніку — пералом шыйнага аддзела пазваночніка. Балазе паспелі своечасова аказаць першую дапамогу, даставіць у цэнтр і прааперыраваць.

Урач — траўматолаг-артапед траўма­толага-артапедычнага аддзялення для дзяцей ДУ «РНПЦ траўматалогіі і артапедыі» Юрый Ліхачэўскі прыводзіць сумную статыстыку: максімальна траўмуюцца дзеці 10–13 гадоў. На другім месцы — дзеці 5–9 гадоў, на трэцім — 15–17 гадоў. Па месцы і механізме атрымання крыху больш за палову складаюць бытавыя траўмы, на другім месцы — вулічныя, на трэцім — спартыўныя.

74,7 працэнта траўмаў звязана з канечнасцямі, з іх 20 працэнтаў — пераломы. На другім месцы — пашкоджанні галавы і шыі.

— За мінулы год адбылося зніжэнне ўсіх відаў траўмаў на 11 працэнтаў, —  падкрэслівае Юрый Ліхачэўскі.  Колькасць школьных траўмаў зменшылася на 30 працэнтаў. У структуры траўматызму з’явіўся новы від траўмаў — пры скачках на батуце, пры катанні на цюбінгах і сродках індывідуальнай мабільнасці (веласіпед, скейтборд, самакат, скутар, манакола і інш.).

grudnitskiy@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Фото: Юрий МОЗОЛЕВСКИЙ